РЭСКРЫ́ПТЫ АЛЯКСА́НДРА II 1857 па сялянскім пытанні ў Расійскай імперыі,
прадпісанні імператара Аляксандра II ген.-губернатарам аб утварэнні дваранскіх губ. к-таў па падрыхтоўцы праектаў сялянскай рэформы 1861. Вызначалі арганізац. структуру і гал. прынцыпы дзейнасці гэтых к-таў, якія распрацоўвалі асн. палажэнні адмены прыгоннага права. 2.12.1857 Аляксандр II падпісаў рэскрыпт на імя віленскага ген.-губернатара У.А.Назімава, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. дазвалялася стварыць дваранскія к-ты з выбарных ад памешчыкаў кожнага павета і 2 памешчыкаў, прызначаных мясц. губернатарам, а потым агульную камісію ген.-губернатарства ў Вільні. 17.12.1857 такі ж рэскрыпт накіраваны пецярбургскаму ген.-губернатару графу П.М.Ігнацьеву. Гэтыя рэскрыпты — першыя афіц. апублікаваныя акты царскага ўрада пра ўмовы вызвалення сялян. На працягу 1858, паводле аналагічных рэскрыптаў, створаны дваранскія к-ты амаль ва ўсіх губернях Еўрап. Расіі. У адпаведнасці з іх праектамі за памешчыкамі захоўвалася права ўласнасці на ўсю зямлю панскіх маёнткаў, за сялянамі — права карыстання зямельнымі надзеламі, за якія яны па-ранейшаму былі абавязаны адбываць паншчыну або плаціць аброк. Памешчыкі таксама захоўвалі права паліцэйскага нагляду за прыгоннымі ў маёнтках. Пасля ўнясення выкупу за сядзібу (не пазней як праз 12 гадоў) сяляне станавіліся асабіста вольнымі. Абвяшчэнне рэскрыптаў прывяло да масавага абеззямельвання сялян памешчыкамі, узмацнення палярызацыі насельніцтва вёскі напярэдадні ліквідацыі прыгонніцтва.
Літ.:
Захарова Л.Г. Самодержавие и отмена крепостного права в России, 1856—1861. М., 1984.
В.П.Панюціч.
т. 14, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)